Кі-Уэст (востраў)
Кі-Уэст | |
---|---|
англ. Key West | |
Характарыстыкі | |
Плошча | 5,27 км² |
Насельніцтва | 24 649 чал. |
Шчыльнасць насельніцтва | 4 677,23 чал./км² |
Размяшчэнне | |
24°33′33″ пн. ш. 81°47′03″ з. д.HGЯO | |
Архіпелаг | Фларыда-Кіс |
Акваторыя | Фларыдскі праліў |
Краіна | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Кі-Уэ́ст (англ.: Key West) — востраў у Фларыдскім праліве. З’яўляецца часткай архіпелага Фларыда-Кіс (ЗША). Амаль усю тэрыторыю вострава займае горад Кі-Уэст. Плошча — 5,9 км². Насельніцтва — 24 649 чал. (2010 г.)
Востраў Кі-Уэст знаходзіцца ў групе так званых Ніжніх астравоў Фларыда-Кіс у 205 км на паўднёвы захад ад Маямі. Мае каралавае паходжанне. Даўжыня — 6,66 км. Найбольшая шырыня — 2,38 км. Ва ўсходняй частцы вострава маецца некалькі ўнутраных лагун.
Клімат трапічны з ясна акрэсленымі сухім і вільготныя сезонамі. Сухі сезон цягнецца з лістапада да красавіка. Вільготны сезон — з мая да кастрычніка. Востраў Кі-Уэст знаходзіцца ў зоне ўтварэння і актыўнага ўздзеяння летніх ураганаў.
У старажытнасці востраў быў населены індзейцамі калуса, якія моцна пацярпелі ад еўрапейцаў пасля адкрыцця вострава іспанцамі ў 1513 г. У 1711 г. рэшткі тубыльцаў былі вывезены на суседнюю Кубу. У 1822 г. на Кі-Уэст была пабудавана ваенна-марская база ЗША. У канцы XIX ст. заснавана прамысловасць па вытворчасці цыгар. У 1898 г. востраў Кі-Уэст актыўна выкарыстоўваўся амерыканцамі ў вайне з Іспаніяй. Да 1961 г. дзейнічаў паром, які злучаў Кі-Уэст з Кубай. У нашы дні на востраве маецца аэрапорт, ён звязаны мастамі, дамбамі і шашой з суседнімі астравамі Фларыда-Кіс.